Брагінчане згулялі хакейны матч з Лельчыцамі — хто перамог

Грамадства Спорт

На стадыёне «Палессе» ў Лельчыцах адбыўся хакейны матч паміж гаспадарамі пляцоўкі і камандай Хойніцкага раёна, у складзе якой – брагінчане. Гульня была прысвечана 82-й гадавіне вызвалення Лельчыцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Цырымонія адкрыцця пачалася з прывітальнага слова намесніка старшыні райвыканкама Наталлі Шышканавай. Яна пажадала камандам відовішчнай барацьбы, а затым сімвалічным укідваннем шайбы дала старт паядынку.

З першых хвілін стала зразумела, што ніхто не збіраецца саступаць. Каманды абменьваліся вострымі атакамі, шайба хутка перамяшчалася па лёдзе, трымала гледачоў у напружанні. Першы перыяд завяршыўся мінімальнай перавагай гаспадароў – 2:1.

У другой «дваццаціхвілінцы» гаспадары павялічылі адрыў, але госці не здаваліся і аказвалі ўпартае супраціўленне. Пасля двух перыядаў лік быў 6:3 на карысць Лельчыц.

У трэцім перыядзе хайнікчане разам з землякамі пайшлі ў наступленне. Інтрыга захоўвалася да апошніх секунд, але фінальная сірэна зафіксавала перамогу каманды гаспадароў з лікам 8:7.

Па выніках матча лепшым гульцом у складзе Лельчыц быў прызнаны Аляксандр Відук, а ў камандзе гасцей – брагінчанін Сяргей Марчанка.

– Гульня атрымалася дынамічнай. Хачу падзякаваць Лельчыцам і Хойнікам за запрашэнне. Гэта выдатная магчымасць для нашых спартсменаў атрымаць новы вопыт і пашырыць гарызонты, пагуляць на іншай пляцоўцы, сустрэцца з новымі сапернікамі. Геаграфія нашых матчаў расце. Прыемна, што менавіта мяне прызналі лепшым гульцом, але гэта заслуга ўсёй каманды. Асобная падзяка – нашай моладзі: хлопцы адпрацавалі на ўсе сто, іх падтрымка была неацэннай, – адзначыў Сяргей Марчанка.

Сваімі ўражаннямі падзяліўся Данііл Даўжанок:

– Паядынак атрымаўся напружаны. Мы аддалі ўсе сілы на лёдзе, але ўдача была на баку саперніка. У першую чаргу нам не хапіла згуртаванасці. Калі каманда даўно гуляе разам, адчуваеш партнёра, ведаеш, хто дзе будзе, як адрэагуе. А ў нас гэтага ўзаемадзеяння няма, бо каманда зборная. Узровень гульні ў нас і Лельчыц прыкладна аднолькавы. Але ў складзе гаспадароў былі хакеісты, якія выступаюць за ХК «Спарта» ў Мінску, і менавіта яны прынеслі перамогу сапернікам. На нашым выніку адбілася і тое, што для нас гэта была зусім новая абстаноўка. Мы даўно не гулялі на чужой пляцоўцы, а яна ад нашай адрозніваецца памерамі, да гэтага таксама трэба прыстасавацца. У цэлым гульня была цікавай. Для нас гэта каштоўны вопыт, які дапамагае ўдасканальваць майстэрства і лепш падрыхтавацца да наступных матчаў.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.