
Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка,
гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго,
што называецца нацыяй, народам.
Янка Сіпакоў
21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта дата была ўстаноўлена ЮНЕСКА ў 1999 годзе з мэтай захавання і развіцця моўнай разнастайнасці і шматмоўя. Родная мова – гэта частка нашага культурнага і духоўнага багацця, яна фарміруе нашу самасвядомасць і адрознівае нас ад іншых народаў.
Людзі не могуць існаваць без мовы. З яе дапамогай пазнаюць навакольны свет, выказваюць свае думкі, пачуцці, перажыванні, дзеляцца вопытам працоўнай дзейнасці. Ні авалодваць ведамі, ні нават думаць нельга без мовы, якая дазваляе нам чытаць і разумець кнігі, слухаць і засвойваць тое, што гавораць іншыя, размаўляць і абменьвацца думкамі з сябрамі, бацькамі, настаўнікамі, знаёмымі і незнаёмымі. Мова таксама адыгрывае галоўную ролю і ў фарміраванні светапогляду і інтэлекту чалавека.
Беларуская мова мае багатыя гістарычныя карані і ўзбагачаецца новымі словамі і выразамі. Наша мова служыць крыніцай нацыянальнай ідэнтычнасці і культурных традыцый. Аднак нельга забываць, што захаванне роднай мовы патрабуе пастаянных намаганняў і ўвагі.
Добра, калі чалавек ведае некалькі моў, але найперш трэба ведаць мову таго народа, на зямлі якога мы жывём. Гэта дапаможа далучыцца да багатага жыццёвага вопыту беларусаў, да шматграннай духоўнай і матэрыяльнай культуры працавітага і мудрага народа.

