
Масленічны тыдзень традыцыйна завяршаецца народнымі гуляннямі і кірмашамі. Але для супрацоўнікаў Брагінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях – гэта перыяд павышанай пільнасці. Штогод выратавальнікі прыкладаюць усе намаганні, каб святочныя традыцыі не азмрочыліся трагічнымі падзеямі.
Сёлета цэнтрам масленічных урачыстасцяў стаў раённы дом культуры. З самага пачатку свята каля ўстановы культуры працавалі работнікі МНС. Выратавальнікі не толькі арганізавалі тэматычнае прафілактычнае мерапрыемства, але і сачылі за выкананнем усіх правілаў пажарнай бяспекі.

– Самае галоўнае – бяспека, свята павінна прайсці без надзвычайных сітуацый, – такімі словамі начальнік Брагінскага РАНС Віктар Цімонін вызначыў галоўны прыярытэт работы асабістага саставу, задзейнічанага на мерапрыемстве.
Праца выратавальнікаў не абмяжоўвалася простым назіраннем. Пакуль брагінчане ласаваліся блінамі і вадзілі карагоды, супрацоўнікі МНС вялі актыўную прафілактычную працу.
– Мы нагадваем усім пра небяспеку неасцярожнага абыходжання з агнём, расказваем, як дзейнічаць у выпадку ўзнікнення пажару ці іншай надзвычайнай сітуацыі, – падкрэсліла інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Анастасія Ветрава.






