
У Гомелі завяршыўся абласны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімовым мнагабор’і «Абаронца Айчыны». Ён сабраў юнакоў дапрызыўнага і прызыўнага ўзросту з усёй вобласці і прайшоў у рамках дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Гатовы да працы і абароны – 2026».
Удзел прынялі і юныя брагінчане: Данііл Даўжанок і Аляксей Аніськоў (гімназія г.п. Брагіна), Максім Буйневіч і Аляксандр Пузырын (Камарынская школа), Андрэй Бельчанка і Іван Шамела (Іялчанская СШ).
Па выніках напружанай барацьбы брагінчане адзначаны ў некалькіх намінацыях. Так, у асабістым заліку перамогу святкаваў Максім Буйневіч. У старэйшай узроставай групе каманда раёна ўпэўнена заняла першае месца. Агульны ж залік спартакіяды прынёс брагінчанам срэбра.
– Нашы будучыя абаронцы паказалі спартыўны характар, мэтанакіраванасць і волю да перамогі. Удзел у такіх мерапрыемствах не толькі спрыяе фізічнаму развіццю, але і выхоўвае ў юнаках камандны дух, – адзначыў настаўнік фізічнай культуры Камарынскай СШ Алег Сукач.
Сваімі ўражаннямі падзяліўся Данііл Даўжанок:
– Гэта былі цікавыя і насычаныя спаборніцтвы. Мы стараліся паказаць усё, на што здольныя. Увесь час адчувалі напружанне, бо пасля першага дня ішлі на 4-м месцы. Але ў другі дзень дзякуючы лыжным гонкам абышлі адразу дзве каманды. Вядома, было складана, але падтрымка таварышаў і трэнераў дапамагла нам справіцца. Я рады, што мы змаглі паказаць высокія вынікі.

