Для працы на зямлі: калі ў Беларусі быў пакладзены пачатак масавай вытворчасці колавых трактароў

Грамадства Гэта цікава

Рашэнне аб будаўніцтве ў Мінску трактарнага завода было прынята 26 мая 1946 года Саветам Міністраў СССР. Зразумела: тады, пасля завяршэння самай разбуральнай і кровапралітнай вайны, увесь Савецкі Саюз меў вострую патрэбу ў сельскагаспадарчай тэхніцы. У тым ліку і Беларусь. Масавы выпуск трактароў павінен быў не толькі замяніць коней, якія з’яўляліся асноўнай цяглавай сілай, але і значна павысіць прадуктыўнасць працы, павялічыць вытворчасць прадуктаў харчавання, якіх не хапала.

Першапачаткова завод ства-раўся пад выпуск гусенічных «аратых» сярэдняй магутнасці тыпу «Кіравец» Д-35 (КД-35). Але паралельна вялася работа і ў іншым напрамку. У 1948 годзе калектыву даручылі спраектаваць універсальны колавы трактар магутнасцю 37 конскіх сіл – першы ў краіне з гідранавеснай сістэмай, якая дазваляе абыходзіцца без прычэпшчыка.

У выніку 18 ліпеня 1949 года з варот эксперыментальнага цэха выехаў першы беларускі колавы трактар заводскай канструкцыі. У той жа дзень – у поле. Выпрабоўвалі яго з самымі рознымі прыладамі, давалі неймаверныя нагрузкі.

Для серыйнай вытворчасці трэба было яшчэ стварыць цэхі па вытворчасці дэталяў, вузлоў і іх зборцы. На ўсё спатрэбілася больш за чатыры гады.

Гістарычнай датай стала 14 кастрычніка 1953-га: з галоўнага канвеера сышоў серыйны трактар МТЗ-2. Яго вырашылі назваць «Беларусь». Вось што тады пра яго пісала газета «Колхозная правда»: «Трактор «Беларусь» создан в результате большого и напряжённого труда коллектива конструкторов, инженеров, техников и рабочих завода. Особенность нового трактора состоит в том, что он может широко применяться не только на пахоте, бороновании, культивации, севе, но и на междурядной обработке пропашных культур. При государственных испытаниях опытных образцов машина успешно применялась на междурядной обработке картофеля, посаженного квадратно-гнездовым способом. Машина может успешно использоваться на обмолоте сельскохозяйственных культур и очистке зерна». На фоне іншых савецкіх трактароў, што тады выпускаліся, МТЗ-2 выглядаў прагрэсіўна.

Назва брэнда, дарэчы, потым яшчэ неаднаразова зменіцца: «Беларус», BELARUS, BELARUS Minsk Tractor Works. У 2022 годзе, калі выпусцілі чатырохмільённы беларускі трактар, было вырашана замацаваць BELARUS TRACTORS.

Што ж датычыць самага першага трактара МТЗ-2, выпушчанага ў 1953 годзе, то яго тады накіравалі ў калгас «Бальшавік» Капыльскага раёна і даверылі механізатару Савелію Навуменку, які працаваў на ім 17 гадоў. А напярэдадні свайго 25-годдзя Мінскі трактарны завод вярнуў колавога першынца сабе, абмяняўшы яго на новенькі МТЗ-50. У сталіцы «ветэрана» адрэстаўрыравалі і ўстанавілі на пастамент.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.