Гульня з сюрпрызам: на Брагіншчыне завяршыліся чарговыя матчы адкрытага чэмпіянату па міні-футболе памяці В. Ігнаценкі

Важнае Грамадства Спорт

У барацьбе сышліся чатыры каманды.

Галоўнай падзеяй дня стала сустрэча паміж фаварытам турніру «Легіёнам» і прадстаўнікамі Камарынскага лясгаса. Перад пачаткам матча многія аддавалі перавагу першым, але ход гульні і яе фінал сталі сюрпрызам.

Першы тайм пачаўся пад дыктоўку «Легіёна». Гульцы актыўна атакавалі, дэманстравалі зладжаныя камбінацыі і заслужана выйшлі наперад. Здавалася, усё ідзе па прагнозах. Але каманда лясгаса не збіралася здавацца. Паступова яна перахапілаі ініцыятыву, сталаі часцей пагражаць варотам саперніка і зраўняла лік бліжэй да сярэдзіны тайма. Да канца першай паловы сустрэчы прадстаўнікі лясгаса змаглі забіць яшчэ адзін мяч, пераламаўшы ход гульні на сваю карысць.

Другі тайм пачаўся ў такім жа імклівым тэмпе. «Легіён» на нейкі час апынуўся ў ролі даганяючых, і памылка іх варатара дазволіла Аляксандру Плюшчаю адправіць мяч у сетку з цэнтра поля, умацаваўшы перавагу сваёй каманды. Пасля гэтага Камарынскі лясгас забіў яшчэ тры мячы, канчаткова вырашыўшы, здавалася, зыход сустрэчы. Але сапернік праявіў характар, змог адыграць чатыры галы і ўшчыльную наблізіцца да нічыёй. Ды зраўняць лік яму не дазволіла ўпэўненая гульня варатара лясгаса Пятра Сачанкі. Вынік – 5:6 на карысць прадстаўнікоў Камарына. Галамі двойчы вызначыліся Аляксандр Плюшчай і Сяргей Марчанка, па адным мячы забілі Андрэй Сцяцко і Алег Сукач.

– Дзякуй нашым балельшчыкам, у гэты дзень яны былі нашым шостым гульцом, – сказаў Пётр Сачанка. – Іх падтрымка дапамагла нам прайсці праз складаныя моманты.

Капітан Камарынскага лясгаса Сяргей Фурс падкрэсліў, што супрацьстаянні з «Легіёнам» сталі добрай традыцыяй, і каманды часта абменьваюцца перамогамі:

– Перад гэтым матчам мы прайгралі «Дубліну», прааналізавалі свае памылкі і настроіліся на яркую гульню. Перамога стала прыемнай нечаканасцю і плёнам нашых намаганняў, асабліва ўлічваючы, што ў нас была ўсяго адна замена за ўсю гульню. Мы паказалі свой лепшы футбол.

У іншым матчы другога круга сустрэліся каманды ДЮСШ і «Дублін». Тут таксама адбылася сенсацыя – юныя футбалісты ўпершыню перамаглі ў турніры, адолелі саперніка з лікам 7:6.

– Наша каманда набіраецца вопыту: шмат трэніруемся, гуляем з больш дасведчанымі спартсменамі, – падзяліўся капітан ДЮСШ Багдан Грышоў. – У мінулым матчы мы таксама паказалі добрую гульню, але сёння ўдалося выйсці пераможцамі. Упэўнены, што гэта толькі пачатак, і ў далейшым яшчэ не раз парадуем сваіх балельшчыкаў.

Па выніках матчаў лепшымі бамбардзірамі сталі Яўген Жыжэнка і Багдан Грышоў, якія забілі па тры гала.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.