Стаўка на маладых: як Багдан Грышоў сабраў уласную каманду, якая кінула выклік вопытным калектывам

Галоўнае Грамадства Спорт

У адкрытым чэмпіянаце па міні-футболе памяці В. Ігнаценкі выступае каманда ДЮСШ, вядомая сваёй самааддачай і відовішчнай гульнёй. Аб’яднаў гульцоў Багдан Грышоў.

Яго спартыўны шлях пачаўся ў ДЮСШ Брагінскага раёна, дзе займаўся футболам і хакеем пад кіраўніцтвам трэнера-выкладчыка Паўла Камагурава. Двойчы юнак удзельнічаў у зборах у Гомелі і Мазыры, што стала асновай для будучых дасягненняў.

Пасля заканчэння мясцовай сярэдняй школы Багдан атрымаў прафесію зваршчыка ў Хойніцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі. Па размеркаванні ўладкаваўся на працу ў ААТ «Брагінаграсэрвіс». Аднак любоў да спорту не пакінула яго. Два сезоны малады чалавек выступаў у чэмпіянаце Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі, набіраўся вопыту на больш высокім узроўні.

У гэтым сезоне Багдан Грышоў вырашыў сабраць уласную каманду. Да гэтага ён гуляў у складзе іншых калектываў, але цяпер яго мэта – даць магчымасць праявіць сябе маладым талентам. У яго камандзе сабраліся хлопцы з розных гарадоў, аб’яднаныя адным захапленнем.

Хацелася стварыць каманду, дзе кожны малады гулец зможа расці, вучыцца і паказваць свой максімум, – дзеліцца земляк.

Каманда ДЮСШ трэніруецца нават у буднія дні, адтачвае гульнявыя камбінацыі і аналізуе памылкі мінулых матчаў. Атмасфера ў калектыве баявая, а ўзаемаразуменне на пляцоўцы расце з кожнай трэніроўкай. Багдан як лідар не толькі натхняе сваіх таварышаў, але і з’яўляецца прыкладам самааддачы і мэтанакіраванасці.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.