
У спартыўным комплексе «Раўбічы» завяршыліся рэспубліканскія спаборніцтвы па зімовым мнагабор’і «Абаронца Айчыны» сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнага ўзросту. Змаганні прайшлі ў рамках дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Гатовы да працы і абароны».
Каманда Гомельскай вобласці, у складзе якой выступіў вучань Камарынскай сярэдняй школы імя П.І. Шпетнага Максім Буйневіч, заняла трэцяе месца.
Першы дзень праграмы ўключаў у сябе заплыў на 50 метраў і падцягвання на перакладзіне, другі – стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі і лыжныя гонкі на 5 км.
– Вельмі спадабалася атмасфера спаборніцтваў. Сапернікі былі моцныя, кожны хацеў паказаць свой максімум, – падзяліўся ўражаннямі Максім.
Вось што ён расказаў пра сваю падрыхтоўку:
– Сёлета да змаганняў я падышоў з максімальнай адказнасцю. Надвор’е спрыяла: зіма падарыла шмат снегу, што дазволіла адтачыць лыжную тэхніку і выдзеліць дастаткова часу для трэніровак. Я задаволены сваім вынікам. Але хацелася б палепшыць яго ў лыжных гонках.
Спартсмен падзяліўся, што ён праплыў 50 метраў за 33 секунды, падцягнуўся 31 раз, набраў 36 ачкоў у стральбе, а дыстанцыю ў 5 км на лыжах прабег за 17 хвілін і 59 секунд.
Да гэтага юнак перамог у абласных спаборніцтвах. Старэйшая ўзроставая група каманды раёна таксама паказала добры вынік – першае месца. А агульны залік спартакіяды прынёс брагінчанам срэбра.

