
Першая гульня абяцала быць асабліва напружанай: на полі сустрэліся прадстаўнікі Камарынскага лясгаса і «Дубліна». Для першых перамога стала пуцёўкай у фінал, права на памылку не было.
Гульня прайшла ў няспешным, роўным рытме. Абедзве каманды дэманстравалі тактычную вытрымку, не дазвалялі сапернікам атрымаць перавагу. Лік адкрылі толькі ў сярэдзіне тайма пасля ўдалай пазіцыйнай атакі прадстаўнікоў лясгаса. Праз пэўны час яны падвоілі перавагу. Аднак за некалькі хвілін да перапынку «Дубліну» ўдалося скараціць разрыў, што дадало інтрыгі.
У другой палове напружанне павялічвалася з кожнай хвілінай, бо шанцы на перамогу былі ў абодвух бакоў. Гульня перайшла ў сілавую фазу, гэта дазволіла «Дубліну» праявіць свае моцныя бакі і зраўняць лік. Але лясгас знайшоў сілы і нанёс саперніку разгромны ўдар, забіўшы шэсць галоў. «Дублін» не змог нічым адказаць і саступіў з лікам 8:2. Шэсць галоў забіў Аляксандр Плюшчай, па адным – Сяргей Марчанка і Аляксандр Леўчанка.

У суботу лясгас правядзе фінальны матч з леташнім пераможцам чэмпіянату – «Легіёнам». Варта адзначыць, што сёлета сапернікі ўжо сустракаліся – перамогу святкаваў лясгас.
– Гульня абяцае быць цікавай і напружанай. Нашы сустрэчы – прынцыповыя супрацьстаянні. Мы пакажам свой максімум, – падзяліўся чаканнямі уратар лясгаса Пётр Сачанка.
У другім матчы сустрэліся «Легіён» і ДЮСШ. Апошнія – з добрай фізічнай падрыхтоўкай, хуткасцю і нязломным характарам. Каманда заўсёды патрабуе ад саперніка максімальнай трываласці і імгненнай рэакцыі. Так адбылося і ў гэтай сустрэчы. Маладыя гульцы, якія за час чэмпіянату сталі зладжаным механізмам, стварылі нямала праблем для вопытных сапернікаў. Інтрыга захоўвалася да апошніх хвілін матча. Аднак чэмпіёнскі вопыт «Легіёна» узяў верх з лікам 6:5.
У суботу вызначацца пераможца і прызёры чэмпіянату. Аматараў футбола чакае свята спартыўнага духу і барацьбы.











Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Viber.
