Магія лічбаў. Інтэрв’ю з начальнікам аддзела статыстыкі Брагінскага раёна Аленай Палявой

Галоўнае Грамадства

Любая краіна – гэта складаны механізм. І каб ён працаваў без збояў, патрэбна пастаянна адсочваць тысячы паказчыкаў: ад колькасці насельніцтва і аб’ёмаў вытворчасці да выдаткаў. Без такіх даных нельга пабудаваць прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця, знайсці самыя перспектыўныя кропкі росту для паляпшэння якасці жыцця. А значыць, праца людзей, якія збіраюць і аналізуюць інфармацыю ў лічбах, непарыўна звязана з гісторыяй краіны.

Мы адрасавалі некалькі пытанняў начальніку аддзела статыстыкі Брагінскага раёна Алене ПАЛЯВОЙ.

– Алена Пятроўна, многія лічаць: статыстыка – сумная навука, перанасычаная паказчыкамі і параўнаннямі. Ці згодны Вы з такім меркаваннем?

– Вядома, не, бо яно, хутчэй за ўсё, узнікае ў людзей, вельмі далёкіх ад нашай дзейнасці.

Па-першае, менавіта да нас, у аддзел статыстыкі, паступае самая дакладная, аб’ектыўная і актуальная інфармацыя. Але з ёй патрэбна ўмець працаваць: збіраць даныя, апрацоўваць іх і абагульняць, сістэматызаваць і аналізаваць, выяўляць тэндэнцыі, пралічваць залежнасць. Гэта цікава, займальна і запатрабавана.

Па-другое, улік усяго, што адбываецца ў раёне, дазваляе адсочваць дынаміку і рабіць важныя вывады. Напрыклад, як змяняецца насельніцтва, развіваецца тая ці іншаягаліна народнай гаспадаркі, якімі дасягненнямі або недапрацоўкамі вызначыўся пэўны перыяд, ці сталі мы жыць лепш і даўжэй. Па сутнасці, нібы рэнтгенаўскі здымак, статыстыка прасвечвае ўсе сферы грамадскага жыцця. І ў той жа час з’яўляецца асновай для складання прагнозаў і планаў, распрацоўкі перспектыўных праектаў, прыняцця правільных рашэнняў, стратэгіі і тактыкі кіраўніцтва.

Пры гэтым варта заўважыць: наша работа – не толькі справаздачы, зводкі, табліцы, бюлетэні, але і ўзаемадзеянне з людзьмі, якім патрэбны тлумачэнні, кансультацыі, удакладненні.

– І сапраўды, ніводнае ўдумлівае, рацыянальнае кіраўніцкае рашэнне немагчыма прыняць без колькасных змен, тэндэнцый і асаблівасцей развіцця грамадства. Давайце прыгадаем: як і калі былі створаны органы дзяржаўнай статыстыки?

– Гісторыя нашай службы пачынае свой адлік з 23 жніўня 1920 года, калі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт БССР прыняў пастанову аб стварэнні Цэнтральнага статыстычнага бюроі фарміраванні адпаведных мясцовых органаў. Яго сённяшні пераемнік – Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, дата нашага прафесійнага свята прымеркавана да вышэйназванай падзеі, а ведамству сёлета спаўняецца 106 гадоў.

Само ж слова «статыстыка» паходзіць ад лацінскага status – стан спраў. Менавіта ён у эканоміцы і сацыяльнай сферы з’яўляецца аб’ектам нашага назірання.

– За гэты час, вядома, многае змянілася – прагрэс не стаіць на месцы. Ці дапамагаюць у працы найноўшыя тэхналогіі?

– Безумоўна. Служба выкарыстоўвае сучасныя метады збору інфармацыі і адпавядае міжнародным стандартам.

Дзяржаўную статыстычную справаздачнасць сёння можна без праблем прадставіць у электронным фармаце. З аднаго боку, гэта дазволіла знізіць нагрузку як на органы статыстыкі, так і на рэспандэнтаў. А з другога – павысіць якасць першасных даных, аператыўнасць іх апрацоўкі.

– Відаць, невыпадкова кажуць: статыстыка ведае ўсё. І яе мовай можна шмат пра што расказаць. Нас, вядома, больш цікавіць развіццё Брагіншчыны: аб чым распавядаюць асноўныя паказчыкі?

– Лічбы канстатуюць: у першым паўгоддзі асвоена 17,6 мільёна інвестыцый у асноўны капітал. Уведзены ў эксплуатацыю 181 квадратны метр жылля, у тым ліку ў сельскай мясцовасці – 148 «квадратаў», з дзяржаўнай падтрымкай – 106.

Агульны аб’ём рознічнага тавараабароту склаў 30,4 мільёна рублёў у бягучых цэнах. Вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га павялічылася на 7,5 працэнта.

Намінальная налічаная сярэднемесячная заработная плата склала 2059,6 рубля, а рэальная да адпаведнага мінулагодняга перыяду вырасла на 8,9 працэнта.

– За кожнай з гэтых і іншых лічбаў стаіць работа прафесіяналаў. Хто сёння ёй займаецца?

– Калектыў наш нешматлікі і нязменна жаночы. Амаль усе – з салідным стажам.

Сама я прыйшла сюды яшчэ ў 1997 годзе. Пачынала з эканаміста, а з 2014-га – кіраўнік. Мае калегі – галоўны спецыяліст Людміла Шынкарэнка і спецыяліст па правядзенні абследаванняў Людміла Масціцкая – таксама з багатым працоўным вопытам. Свет лічбаў ім добра знаёмы, блізкі і зразумелы. А эканаміст Наталля Яфрэмава працуе з лютага 2025 года.

Падыход да справы кожнай – удумлівы, сур’ёзны і адказны. Своечасова сабраць патрэбныя звесткі, абагуліць іх, пераканацца ў дакладнасці – гэта толькі малая частка строгіх устано вак, якіх мы прытрымліваемся. А работа, карпатлівая і скрупулёзная, патрабуе ўседлівасці, уважлівасці і сабранасці. Лічбы паважаюць парадак.

Праца наша многім часам здаецца непрыкметнай, але яе вынік – адзін з важнейшых інструментаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця рэгіёна, краіны ў цэлым. Для прыняцця важных рашэнняў, планавання на гады патрэбны дакладныя даныя, таму статыстыка знаходзіцца ў пастаянным развіцці, імкнецца адпавядаць патрабаванням сучаснага грамадства. І наш калектыў гатовы да эфектыўнага выканання пастаўленых задач.

Гутарыла Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Цімафея МІХАЛЕНКІ

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.