
Як ні цяжка гэта прызнаваць, але часам адабранне дзяцей з сям’і з’яўляецца адзінай магчымасцю іх зберагчы. Так адбываецца, калі замест любові, увагі і клопату ў доме пануе п’янства. З’яўляецца важкая падстава біць трывогу, абараняць правы і інтарэсы непаўналетніх.
Менавіта па гэтай прычыне – з-за моцнага сяброўства са спіртным бацькоў – на дзяржаўнае забеспячэнне ў пачатку красавіка бягучага года была змешчана10-гадовая дзяўчынка. А надзея на тое, што двое дарослых людзей апамятаюцца і зменяць свой лад жыцця, знойдуць у сабе сілы перамагчы згубную звычку, не знікала. З сям’ёй працягвалі працаваць спецыялісты.
І сапраўды, прафілактычная мера стала дзейснай. Бацькі, застаўшыся без дзіцяці, прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Пры наведванні іх па месцы жыхарства заўсёды былі ў цвярозым стане. Атрымаўшы статус абавязаных асоб, працавалі добрасумленна – без прагулаў і скарг ад наймальніка.
На нядаўнім пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама ўжо абмяркоўвалі, ці можна дзяўчынку вярнуць у сям’ю. Рашэнне, зыходзячы з выканання ўсіх пунктаў плана абароны правоў і законных інтарэсаў дзіцяці, прынята станоўчае. Аднак гэта не значыць, што сітуацыю пусцяць на самацёк – кантраляваць яе будуць на працягу года.
Наколькі сапраўды засвоілі жыццёвы ўрок гэтыя двое, пакажа час. Хочацца верыць: вяртання да ранейшага ладу жыцця не будзе. У адваротным выпадку чакае пазбаўленне бацькоўскіх правоў.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА

