
Што такое беларускія камы? Адразу на гэта пытанне і не адкажаш. Бо словам «камы» на тэрыторыі нашай краіны называюць некалькі страў. Гэта і каша з бобу ці гароху, і галушкі, і тоўчанае семя. Этнографы расказваюць таксама пра камы з аўсянай і грэцкай мукі.
Камы гатавалі з адваранага гароху, бобу ці бульбы, якія таўклі ў ступе да атрымання пэўнай клейкасці. Потым фармавалі камякі, якія ставіліся ў печ для атрымання апетытнай скарыначкі. Камы былі поснай стравай, выкарыстоўваліся на заедкі ці перакускі і браліся ў дарогу.
Нам спатрэбіцца:
- 100 г гароху,
- 100 г свіной грудзінкі скрылікамі,
- 1 ст. лыжка алею,
- 20 г белай фасолі,
- 20 г чырвонай фасолі,
- 1 ст. лыжка паніровачных сухароў,
- соль, перац на смак
Прыгатаванне:
Гарох і белую фасолю замачыць на 6–7 гадзін, адварыць у пасоленай вадзе да поўнай гатоўнасці і разамнуць у кашу, дадаючы соль і перац.
Асобна адварыць замочаную чырвоную фасолю.
З кашыцы сфармаваць невялічкія «галкі» (шарыкі), паклаўшы ў сярэдзіну кожнай адну чырвоную фасоліну, абгарнуць у тонка нарэзаную грудзінку і падсмажыць. Падаваць са смятанай, зелянінай, грыбамі.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Viber.
