ААТ «Брагінскі»: вярнуцца на ранейшыя пазіцыі

Сельское хозяйство

За ходам вытворчых спраў у ААТ “Брагінскі” многія сачылі з непрыхаваным інтарэсам і вельмі перажывалі, што валавыя надоі малака тут увесь час зніжаліся, гаспадарка мінусавала, прычым значна. Здавалася, гэтаму падзенню не будзе канца. На даны момант адкрытае акцыянернае таварыства яшчэ не выйшла на ранейшыя пазіцыі, атрымлівае ў разліку на карову крыху больш сямі кілаграмаў малака (сярэднераённы паказчык – 9 кг). Затое плюсуе. А яго вытворчасць на Сялецкай МТФ складае 143% да ўзроўню мінулага года. Працаваць калектыву давядзецца яшчэ шмат, каб вярнуць былую славу, і тым не менш зрухі да лепшага не могуць не радаваць.

На Сялецкай ферме нас сустрэў кіраўнік падраздзялення (хочацца сказаць – гаспадар) Аляксандр Жук. Асацыяцыі такія ўзніклі невыпадкова. Упэўнены ў сабе, з пачуццём гумару, у размове з людзьмі праяўляў да іх павагу, але пры гэтым панібрацтва не адчувалася. Як кажуць, трымаў дыстанцыю. Дакладна ведаў, дзе хто з яго падначаленых знаходзіцца, чым заняты, а найбольш імпанавала тое, што мог правесці паралель паміж сённяшнім і ўчарашнім днём і параўнаць у лічбах вынікі работы.

Selez-1
Алена Сіманава і Аліна Казлова

Як расказаў Аляксандр Уладзіміравіч, зараз у дойным статку – 214 кароў (год назад было 118). Валавы надой павялічыўся ўтрая і складае 1,5 тоны, хаця год назад яны атрымлівалі ўсяго 400 кілаграмаў. У калектыве – дзевяць чалавек. Іх лёс, як і вытворчага ўчастка, яму неабыякавы. Гэтую ферму ўзначальвала маці Аляксандра, якая аддала ёй шмат сіл і здароўя. Хочацца пажадаць, каб усё тут ішло найлепшым чынам і пра Сялецкую ферму загаварылі як пра адну з лепшых у раёне.

Патэнцыял у яе ёсць, галоўнае – тут працуюць шчырыя людзі. Алена Сіманава была раней у ліку лепшых аператараў машыннага даення кароў і на сваёй МТФ, і ў раёне, зараз даглядае маладняк буйной рагатай жывёлы з трохмесячнага ўзросту. Па-ранейшаму праяўляе лепшыя якасці працаўніка, зацікаўленага ў добрых выніках. Як, дарэчы, і Таццяна Карпенка. У яе групе цяляты ўтрымліваюцца да трох месяцаў. А пачынала Таццяна Пятроўна сваю працоўную біяграфію ў гэтай гаспадарцы ў 1994-м годзе, калі яна яшчэ называлася калгасам імя Тэльмана. З групай малдаван прыехала ў Беларусь, ды так і засталася. Выйшла замуж, нарадзіла дзяцей, стала паўнапраўным членам калектыву ААТ “Брагінскі”.

Selez-2
Таццяна Карпенка

Таццяну Раманюк у той дзень убачыць не давялося, яна пайшла ўжо з фермы, выканаўшы сваю работу. А ў яе вельмі адказны ўчастак – выпайваць цялят на працягу 21дня, захаваць іх усіх і перадаць на дарошчванне. Спраўляецца.

Гаворачы пра будучую змену, амаль на ўсіх узроўнях падкрэсліваюць, што моладзь з неахвотай застаецца ў вёсцы, што няма каму замяніць сваіх бацькоў, прыняць ад іх эстафету добрых спраў. На шчасце, у Сяльцы мы сустрэлі маладога спецыяліста, які абвяргае такое меркаванне. Аліна Казлова пасля заканчэння Рэчыцкага каледжа прыехала ў родную вёску, дзе сумленна працуюць яе бацькі. Маці доіць кароў, а тата абслугоўвае даільнае абсталяванне. Аліна – фельчар, нясе адказнасць за стан здароўя і захаванасць усяго пагалоўя. Робіць вакцынацыю, прышчэпкі, стараецца выконваць усе прафілактычныя мерапрыемствы своечасова.

Кожны з гэтых людзей на сваім месцы робіць усё, што ў сілах, каб выправіць сітуацыю з вытворчасцю малака, якая склалася не па іх віне. Мяняліся кіраўнікі, спецыялісты, а яны заставаліся з верай у тое, што настануць лепшыя часы. Няхай яна не пакідае іх, а ўсё, што задумалі і намецілі, здзейсніцца.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *