80-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца. Імёны на пастаменце: Фёдар Кірылавіч Паўлоўскі

80 гадоў вызвалення Беларусі Грамадства Наша гісторыя Нашы праекты: імёны малой радзімы Праект “МП”: Імёны на пастаменце

Фёдар Кірылавіч ПАЎЛОЎСКІ – камсорг 2-га батальёна 1181-га палка 365-й стралковай дывізіі 61-й арміі Цэнтральнага фронта, лейтэнант.

У Вялікую Айчынную вайну верасень 1943-га стаў гістарычным для ўсёй Беларусі. Менавіта ў гэтым месяцы, задоўга да пачатку легендарнай аперацыі “Баграціён”, пачалося вызваленне нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шлях крывавы, неймаверна цяжкі, усланы вялікай колькасцю загінуўшых. Толькі ў брацкай магіле Камарына, які першым скінуў з сябе цяжар гітлераўскай акупацыі, пахавана больш чым 900 савецкіх воінаў. У тым ліку шэсць Герояў Савецкага Саюза. А ўсяго гэтага высокага звання за подзвігі, праяўленыя пры вызваленні Камарынскага і Брагінскага раёнаў, удастоены 398 воінаў. Не ўсім суджана было сустрэць Перамогу. Імёны тых, хто аддаў за яё жыццё, – на пастаментах. Расказаць пра гераізм і мужнасць гэтых людзей ставіць на мэце наш цыкл публікацый. Будзем ведаць і памятаць!

Нарадзіўся будучы Герой 2 сакавіка 1921 года ў сяле Сасноўка Аляксандраўскага раёна Кіраваградскай вобласці ў сялянскай сям’і. Украінец. У 1940-м закончыў Чаркаскі сельскагаспадарчы тэхнікум, пачаў працаваць аграномам у калгасе. У тым жа годзе быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, а з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны – на фронце.

Маючы добрыя арганізатарскія здольнасці, Фёдар Паўлоўскі стаў камсоргам 2-га батальёна 1181-га стралковага палка. Праводзіў вялікую выхаваўчую работу сярод маладых байцоў, натхняючы іх на баявыя подзвігі асабістым прыкладам.

У ліпені 1943-га, падчас Арлоўскай стратэгічнай наступальнай аперацыі, калі асабовы склад батальёна залёг на подступах да сяла Шчэрбава, камсорг Паўлоўскі ўзняў байцоў у атаку. І гэты населены пункт быў заняты з вялікімі для ворага стратамі ў жывой сіле, а смелы і рашучы камсорг атрымаў узнагароду – медаль “За адвагу”.

Асабліва вызначыўся ён у баі за плацдарм на правым беразе Дняпра каля вёскі Піркі. Пры выкананні баявога задання 6 кастрычніка 1943 года лейтэнант Паўлоўскі з групай байцоў заняў важную вышыню. Але пры адбіванні шматлікіх контратак праціўніка рады абаронцаў з кожнай мінутай радзелі. І настаў самы напружаны момант: адважны камсорг застаўся адзін супраць ашалелай ад страт варожай зграі. Ужо былі на зыходзе патроны, і кулямёт лейтэнанта мог вось-вось змоўкнуць, але ён працягваў весці бой з пераўзыходзячымі сіламі ворага.
Фашысты спрабавалі захапіць байца жывым. Ды калі група гітлераўцаў колькасцю да 20 чалавек, узброеных аўтаматамі, наблізілася да яго,

Паўлоўскі, падпусціўшы іх на адлегласць 10–15 метраў, кінуў гранату, а затым яшчэ адну. Ад выбухаў загінула 15 фашыстаў, а астатнія кінуліся наўцёкі. Праз некалькі хвілін з’явілася яшчэ адна група немцаў, з якімі камсорг уступіў у рукапашную схватку – чатыры гітлераўцы былі забіты штыком, а астатнія разбегліся.

Лейтэнант утрымліваў важны рубеж да падыходу сваіх падраздзяленняў. Як высветлілася, на яго пазіцыі вораг страціў больш за сотню салдат і афіцэраў, 65 з якіх знішчыў адважны камсорг. Але ў той жа дзень падчас атакі ён загінуў.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года Фёдару Паўлоўскаму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Ён таксама ўзнагароджаны ордэнам Леніна.

Пахаваны Фёдар Кірылавіч у Камарыне ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан. Яго імя носіць адна з вуліц пасёлка, а таксама Сасноўская школа, каля якой устаноўлены бюст Героя, у пасёлку Аляксандраўка – барэльеф.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *