80-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца. Імёны на пастаменце: Мікалай Данілавіч Грышчанка

80 гадоў вызвалення Беларусі Главное Год гістарычнай памяці Грамадства Наша гісторыя Праект “МП”: Імёны на пастаменце

Мікалай Данілавіч ГРЫШЧАНКА – камандзір мінамётнага разліку 360-га палка 74-й стралковай дывізіі 13-й арміі Цэнтральнага фронту, старшы сержант.

Нарадзіўся 23 чэрвеня 1920 года на Сахаліне – у сяле Андрэе-Іванаўскае Кіраўскага раёна (цяпер – Белае Тымаўскага раёна) у мнагадзетнай сям’і. Рускі. З-за хваробы бацькі рана давялося пайсці на работу ў сельскую гаспадарку. Вячэрнюю школу скончыў пазней – працуючы ў пякарні саўгаса. А потым вучыўся на курсах кінамеханікаў.

У верасні 1940 года Мікалая Грышчанку прызвалі ў армію. Службу ён праходзіў у Прымор’і ў складзе мінамётнага ўзвода.

У баях з нямецка-фашысцкімі акупантамі – з мая 1942-га. Ваяваў на Бранскім і Цэнтральным франтах, праяўляючы смеласць, рашучасць, адвагу і знаходлівасць. За мужнасць і бясстрашша быў узнагароджаны медалём ”За адвагу” і ордэнам Чырвонай Зоркі.

22 верасня 1943-га перадавыя атрады палка, з якімі быў і камандзір мінамётнага разліку Грышчанка, фарсіравалі Днепр у раёне сяла Пакуль. Трэція суткі працягваліся жорсткія баі за плацдарм на правым беразе ракі. Яго трывала ўтрымлівалі дэсантныя групы. Асабліва цяжкі бой пачаўся раніцай 25 верасня каля вёскі Зарэчча. Для маладога сахалінца ён стаў апошнім.

Вось як апісваў тое змаганне камандзір палка падпалкоўнік Мікалай Сташак ва ўзнагародным лісце:

“25 сентября 1943 года численно превосходящий противник под прикрытием артиллерийского, миномётного огня и двух бронемашин перешёл в атаку в районе села Заречье.

Нашей стрелковой роте грозила опасность окружения. Старший сержант Грищенко, командир расчёта миномётной роты, с разрешения командира роты, вооружившись гранатами, выдвинулся вперёд боевых порядков и начал расстреливать врага в упор. До 30 солдат и одну бронемашину уничтожил воин-герой, не отступив ни на шаг. Даже оставшись без патронов и гранат, товарищ Грищенко не отступал и стойко стоял на своём посту, пока вражеская пуля не сразила его.

Истекая кровью, поднялся во весь рост товарищ Грищенко:

– Товарищи, вперёд, бейте проклятых извергов, – были его последние слова.

Вдохновлённые героизмом товарища Грищенко бойцы и офицеры ринулись в атаку и опрокинули врага с большими для него потерями, отомстив за воина-героя.
Достоин звания Героя Советского Союза”.

Прысвоена яно было 23-гадоваму камандзіру 16 кастрычніка 1943 года – за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры фарсіраванні Дняпра і ўтрыманні плацдарма на яго правым беразе. Пасмяротна.

Да слова, Мікалай Грышчанка – адзіны карэнны сахалінец, удастоены звання Героя Савецкага Саюза. І доўгі час пра яго гібель і ўзнагароду не паведамлялі на далёкі Сахалін. Звестка дайшла неафіцыйным шляхам: напісалі землякі, якія служылі разам з Мікалаем. Але заставалася невядомым, дзе яго пахавалі. Родныя і блізкія спрабавалі даведацца пра гэта праз ваенкаматы і мясцовыя органы ўлады. Аднак запыты доўга складаліся, доўга ішлі і доўга разглядаліся ў ведамствах.

Бацька і брат Мікалая так і не даведаліся пра ўсе падрабязнасці яго подзвігу і месца апошняга прытулку – памерлі. Толькі маці дачакалася ліста з апісаннем, як і пры якіх абставінах загінуў яе сын, у якой брацкай магіле пахаваны. Ды ў хуткім часе, у 1952 годзе, і яна пайшла з жыцця.

У гонар Героя на яго малой радзіме ўстаноўлены два помнікі. Імя Мікалая Грышчанкі носіць парк культуры і адпачынку ў пасёлку Тымаўскае.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *