80-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца. Імёны на пастаменце: Васіль Іларыёнавіч Баяркін

80 гадоў вызвалення Беларусі Грамадства Наша гісторыя Праект “МП”: Імёны на пастаменце

Васіль Іларыёнавіч Баяркін – камандзір кулямётнага разліку 4-га эскадрона 60-га палка 16-й гвардзейскай Чарнігаўскай кавалерыйскай дывізіі, сфарміраванай у снежні 1941 года ў горадзе Уфе як 112-я Башкірская.

Нарадзіўся 24 красавіка 1914 года на хутары Альшанка (цяпер – Цюльганскі раён Арэнбургскай вобласці) у сям’і селяніна. Рускі. Атрымаў пачатковую адукацыю. Працаваў трактарыстам на Шаартузскай машынна-трактарнай станцыі Курган-Цюбінскай вобласці Таджыкскай ССР.

У лістападзе 1941 года быў прызваны ў армію. З кастрычніка 1942-га – на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Камандаваў кулямётным разлікам.
27 верасня 1943 года гвардыі старшы сержант Баяркін адным з першых у сваім падраздзяленні фарсіраваў Днепр у раёне вёскі Ніўкі і агнём з кулямёта прыкрываў пераправу іншых байцоў палка. Пасля гэтага воіны Башкірскай кавалерыйскай дывізіі разгарнулі наступленне ў напрамку вёсак Вялле і Усохі. Першая была пераўтворана гітлераўцамі ў вузел супраціўлення. Для абароны вораг выкарыстоўваў дамы, хлявы, падвалы, уводзячы ў бой часці 7-й пяхотнай і 12-й танкавай дывізій, і часта пераходзіў у контратакі. Калі падраздзяленні 60-га кавалерыйскага палка падыходзілі да Вялля, фашысты адкрывалі агонь з усіх відаў зброі. У баявых парадках гвардзейцаў-кавалерыстаў былі кулямёты і 45-міліметровыя ружжы, а 76-міліметровыя батарэі ў гэты час толькі перапраўляліся праз Днепр. Праціўнік меў перавагу і ў асабовым складзе.

Улічваючы гэтыя цяжкасці, гвардыі старшы сяржант Баяркін са сваім кулямётам рушыў бліжэй да варожага рубяжа. І калі гітлераўскія аўтаматчыкі пайшлі ў контратаку, адкрыў агонь. У выніку было забіта і паранена каля трох дзясяткаў варожых салдат і афіцэраў, а астатнія адступілі ў свае акопы і траншэі. Чацвёрты эскадрон палка сам перайшоў у атаку. Гвардзейцы ўварваліся на вуліцы Вялля, але ў гэты час да гітлераўцаў падышлі новыя рэзервы.

Адважны камандзір са сваім разлікам ударыў у фланг праціўніку. Дзясяткі гітлераўцаў былі знішчаны. Нягле-дзячы на атрыманае раненне, Баяркін працягваў змагацца і да канца выканаў пастаўленую задачу. 28 верасня 1943 года Вялле было вызвалена.
Яшчэ да 30-ці нямецкіх салдат і афіцэраў знішчыў старшы сяржант са свайго кулямёта падчас наступлення на суседнюю вёску Галкі 29–30 верасня.

Загінуў Васіль Баяркін 12 снежня 1943 года на полі бою. Першапачаткова быў пахаваны ў вёсцы Аляксандраўка, а пазней яго астанкі перазахавалі ў брацкую магілу Камарына.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года за «ўзорнае выкананне баявога задання камандавання ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм» гвардыі старшы сяржант Васіль Баяркін пасмяротна ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. У ліку ўзнагарод таксама ордэны Леніна, Айчыннай вайны першай ступені і Чырвонай Зоркі.

Памяць аб усіх 78-мі Героях Савецкага Саюза 112-й Башкірскай кавалерыйскай дывізіі захоўваюць музеі горада Уфы. У пасёлку Шаартуз (Таджыкістан), каля мясцовага дома культуры, Васілю Баяркіну ўстаноўлены помнік.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *