3 верасня — Дзень беларускага пісьменства

Грамадства

Дзень беларускага пісьменства – адна з значных падзей нашай краіны і сапраўднае свята роднага слова. Традыцыйна сталіцай Дня беларускага пісьменства, які праводзіцца ў першую нядзелю верасня, становяцца гарады, што з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню, у 1994 годзе, свята праходзіла ў старажытным горадзе Полацку, радзіме беларускага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны.

А ўсяго, за час правядзення Дня беларускага пісьменства 27 беларускіх гарадоў з багатай гісторыяй сталі цэнтрамі ўрачыстасцей. Пяць разоў прымалі свята на Гомельшчыне: двойчы ў Тураве (1995, 2004), у 2010 – у Хойніках, у 2016 – у Рагачове, а ў 2022 сталіцай свята стаў Добруш.

У Дня беларускага пiсьменства ёсць свае традыцыi. Адначасова са святам з’явiлася Рэспублiканская навукова–асветнiцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». Яшчэ адна па-дзея, якой заўсёды чакаюць, – тэатралiзаванае шэсце падчас адкрыцця з удзелам вядомых гiстарычных персанажаў. I абавязкова ў гэты дзень з галоўнай сцэны гучыць прывiтанне Прэзiдэнта Аляксандра Лукашэнкі гасцям i ўдзельнiкам свята.

З 2006 па 2014 год на Днi беларускага пiсьменства ўручалi прэмiю Саюза беларускiх пiсьменнiкаў «Залаты Купiдон». У 2015 пры падтрымцы Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкi з’явiлася прэстыжная Нацыянальная лiтаратурная прэмiя для аўтараў лепшых твораў у розных жанрах.

21 лютага 2017 года, у Мiжнародны дзень роднай мовы, быў дадзены старт Рэспублiканскаму конкурсу юных чытальнiкаў «Жывая класiка». Яго фiнал таксама праходзіць на свяце пiсьменства.

 

Дзень беларускага пiсьменства пакiдае пра сябе памяць не толькi ў словах, але i ў новых аб’ектах. Добры ж гаспадар да сустрэчы гасцей заўсёды рыхтуецца. Так і нашы гарады прыгажэюць і неяк бачацца па-новаму ў выніку падрыхтоўкі да гэтага свята. Так, у Полацку ў 2003 годзе адкрыты ўнiкальны помнiк лiтары «ў». У Хойнiках, на радзiме народнага пiсьменнiка Беларусi Iвана Мележа, – скульптурная кампазiцыя «Па старонках твораў Iвана Мележа». У Рагачове адкрылі Дом кнігі імя Уладзіміра Караткевіча, у Добрушы з’явіўся помнік Івану Шамякіну.

Сёлета свята прымае Гарадок. Гэта сімвалічна, бо менавіта Віцебшчына дала значны імпульс развіццю беларускага кнігавыдання. Стварэнне паэмы “Тарас на Парнасе” ўраджэнцам раёна Канстанцінам Вераніцыным стане адной з асноўных тэм свята. Аднак гісторыя, культура і традыцыі гэтай зямлі таксама знойдуць сваё адлюстраванне.

Гарадоцкі раён цікавы ўнікальнымі прыроднымі тэрыторыямі, якія па значнасці стаяць побач з Белавежскай пушчай і Бярэзінскім запаведнікам. 60 працэнтаў плошчы другога па велічыні раёна Віцебшчыны займаюць лясы.
Знакаміты Гарадок і лыжаролернай трасай, дзе ўнікальныя тэхналогіі кансервацыі снегу дазваляюць трэніравацца з лістапада па красавік.
Попытам пакупнікоў карыстаюцца вырабы з натуральнай воўны прадпрыемства «ЛанатэксБел», якое знаходзіцца ў гэтым райцэнтры.

Мясцовыя майстры адрадзілі старадаўнія рамёствы, многія з якіх занесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Гэта ажурнае ткацтва, спіральнае лозапляценне, саломапляценне, тканне паясоў. У выніку Дом рамёстваў стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Традыцыйна ў рамках свята пройдуць урачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства, міжнародны круглы стол з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя “Гарадоцкія чытанні” сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук. Сярод святочных мерапрыемстваў – рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”. Экспедыцыя праходзіць па гарадах і сёлах некалькіх рэгіёнаў краіны.

Праграма свята прадугледжвае правядзенне прэзентацый буйнейшых выдавецтваў нашай краіны, навукова-практычных канферэнцый, выступленні пісьменнікаў і паэтаў. Удзельнікі і госці маюць магчымасць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, паслухаць выступленні творчых калектываў і выканаўцаў, сустрэцца з вядомымі паэтамі і пісьменнікамі. Цэнтрам свята становіцца Фестываль кнiгi i прэсы, дзе можна набыць апошнiя кнiжныя навiнкi, атрымаць аўтографы аўтараў, пабачыць цiкавыя выстаўкi.

Але ж галоўны атрыбут свята – гэта адчуванне адзінасці са сваёй краінай, гонару за яе духоўныя каштоўнасці і здабыткі. Кожны Дзень беларускага пiсьменства пакiдае ў душах свет і след Слова, якое, як агульнавядома, было пачаткам усяму.

Галіна ШАЎЧЭНКА
Фота БелТА