80-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца. Імёны на пастаменце: Абдураўф Ганеевіч Даўлетаў

80 гадоў вызвалення Беларусі Год гістарычнай памяці Грамадства Нашы праекты: імёны малой радзімы Праект “МП”: Імёны на пастаменце

Абдураўф Ганеевіч Даўлетаў – камандзір кулямётнага ўзвода 58-га палка 16-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі, сфарміраванай у снежні 1941 года ў горадзе Уфе як 112-я Башкірская кавалерыйская дывізія.

Несакрушальная і легендарная, яна прайшла за гады Вялікай Айчыннай вайны звыш 4000 км – ад Дона да Эльбы. І стала рэкардсменам па колькасці ўзнагарод. 15 разоў адзначалася ў загадах Вярхоўнага галоўнакамадуючага за тое, што асабліва вызначылася ў баях. За мужнасць, храбрасць і адвагу, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, 3860 воінаў гэтай дывізіі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 78 удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. У тым ліку і  Абдураўф Даўлетаў – адзін з тых, хто здзейсніў подзвіг на брагінскай зямлі.

Нарадзіўся ён у сакавіку 1916 года ў вёсцы Халілава (цяпер – Абзялілаўскі раён Башкартастана) у рабочай сям’і. Башкір. Скончыў сем класаў. У 1937–1938 гадах працаваў начальнікам пажарнай аховы, шахцёрам. Пасля службы ў арміі – інструктарам усенавуча, інструктарам Абзялілаўскага раённага ваеннага камісарыята. А потым – вайна…

У 1942 годзе Даўлетаў скончыў філіял курсаў «Стрэл» у Уфе. З сакавіка 1943-га – на франтах Вялікай Айчыннай. Вызначыўся ў бітве за Днепр. А дакладней, у ноч з 26 на 27 верасня 1943 года ў ліку першых пад жорсткім абстрэлам праціўніка фарсіраваў раку каля вёскі Ніўкі (зараз не існуе) Брагінскага раёна. Падчас высадкі на бераг, калі выбыў са строю кулямётны разлік і Даўлетаў застаўся адзін, ён адкрыў ураганны агонь, прымусіўшы варожых аўтаматчыкаў схавацца ў траншэі. А пасля ўварваўся туды разам з байцамі, якія падаспелі на наступнай лодцы. Асабіста знішчыў шэсць гітлераўцаў і аднаго (ад якога потым атрымалі каштоўныя звесткі) узяў у палон.

Праз месяц, 27 кастрычніка, гвардыі лейтэнант Даўлетаў гераічна загінуў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза – за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання, праяўленыя мужнасць і гераізм у баях з нямецкімі захопнікамі. Таксама ён быў узнагароджаны ордэнамі Леніна і Чырвонага Сцяга.

Вечны прытулак Герой знайшоў на Брагіншчыне – у Галках: пахаваны ў брацкай магіле. Яго памяць свята шануем.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *