Справа агульная: на Брагіншчыне праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні тэрыторый

Грамадства

Пакуль змяняе колеры, чаруе фарбамі ярка-задуменная восень, людзям дадаецца клопатаў па навядзенні парадку на зямлі. Гэта менавіта той час, калі на прысядзібных участках застаюцца толькі рэшткі расліннасці, у кветніках – адны сляды былой раскошы, а тратуары і газоны пачынаюць засцілацца стракатымі дыванамі. У традыцыю ўвайшло такой парою праводзіць у раёне месячнік па добраўпарадкаванні тэрыторый. Не выключэнне і сёлетняя восень.

З 24 кастрычніка па 23 лістапада прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, дэпутацкі корпус будуць выходзіць на ўчасткі, дзе найбольш патрэбны рабочыя рукі. У нас ёсць добрая магчымасць разам прывесці ў належны стан аб’екты, навакольныя тэрыторыі, падрыхтаваць іх да зімы. Пры неабходнасці – ачысціць ад смецця і апалага лісця, пазбавіць ад залішняй расліннасці, сухога голля. Недзе – адрамантаваць агароджу, абнавіць малыя архітэктурныя формы, пасадзіць дрэвы. Усё – у адпаведнасці з зацверджаным пералікам мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, кантроль за выкананнем якіх ускладзены на кіраўнікоў раённых груп.

У мінулую суботу, 28 кастрычніка, брагінчане дружна далучыліся да абласнога суботніка і адзінага дня азелянення. Праца кіпела ў населеных пунктах, на вытворчых тэрыторыях, воінскіх пахаваннях, у парках і скверах, месцах масавага адпачынку людзей і ў іншых кропках. А работы ў рамках месячніка па добраўпарадкаванні працягваюцца. Такія працоўныя акцыі не толькі аб’ядноўваюць нас у добрых справах на карысць роднага краю, але і нагадваюць: чалавек павінен быць гаспадаром і патрыётам.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *