Адкуль пачынаецца летапіс партызанскай славы на беларускіх землях

Главное Грамадства

Кірыл Арлоўскі (ляжыць) і Васіль Корж (першы справа) – удзельнікі партызанскага руху ў Заходняй Беларусі. 1920 год.

У юбілейны год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы пачынаем рэалізацыю новага праекта, прысвечанага гістарычным падзеям Вялікай Айчыннай. Яго назва – «Вайна народная» – гаворыць сама за сябе. І здаецца, што тэма народнага супраціўлення фашызму ў тыле ворага даўно вывучаная і добра вядомая. Аднак кожны новы зварот да архіўных матэрыялаў, дакументальнай хронікі, літаратурных і іншых крыніц адкрывае нам малавядомыя, але даволі цікавыя і значныя факты з гісторыі партызанскага і падпольнага руху. Таму лічым сваім журналісцкім абавязкам данесці іх да чытачоў, праўдзіва і аб’ектыўна адлюстраваць карціну гераічнага і трагічнага мінулага, паказаць асабісты ўклад беларускіх партызан і падпольшчыкаў, у тым ліку мясцовых, у Вялікую Перамогу.

Сучаснае і будучыя пакаленні павінны ведаць, што Беларусь заслужана атрымала ганаровае званне рэспублікі-партызанкі, і выхоўвацца на прыкладах высокага патрыятызму.

У гады Вялікай Айчыннай вайны беларуская зямля перажыла страшныя старонкі сваёй гісторыі. На акупіраванай тэрыторыі нацысты не шкадавалі ні старых, ні жанчын, ні дзяцей – нікога. Расстрэльвалі, палілі, забівалі, катавалі, калолі штыкамі, вывозілі на катаржныя работы… Але разам з жахам прыйшла і гатоўнасць супрацьстаяць, змагацца за Айчыну. Нават коштам уласнага жыцця. Тысячы мірных мясцовых жыхароў бралі ў рукі зброю, ішлі ў лясы, дзейнічалі ў падполлі, каб адпомсціць фашыстам, не даць ім спакою, выгнаць з роднай зямлі. Яны аб’явілі ворагу сваю вайну – народную. І калі б не такая магутная сіла ўсеагульнага супраціўлення, генеральны план «Ост» зрабіў бы сваю справу. Дастаткова прыгадаць маніякальную заяву ашалелага Гітлера: «Калі мы хочам стварыць нашу вялікую нямецкую імперыю, мы павінны перш за ўсё выцесніць і знішчыць славянскія народы – расіян, палякаў, чэхаў, славакаў, балгар, украінцаў, беларусаў. Няма ніякіх прычын не зрабіць гэтага». Вось ад якой згубы, страшэннай чумы пазбавілі савецкія людзі Еўропу і ўвесь свет. А ўклад у Перамогу над фашызмам Беларусі, якую ў гады Вялікай Айчыннай вайны па праву называлі рэспублікай-партызанкай, неаспрэчны і не падлягае нейкім пераглядам у бок памяншэння.

Разам з тым і сёння існуе памылковае меркаванне аб тым, што летапіс партызанскай славы на беларускіх землях пачынаецца менавіта з саракавых. Таму дзеля гістарычнай аб’ектыўнасці і справядлівасці варта заўважыць: рух масавага народнага супраціўлення разгарнуўся тут значна раней – як адказная рэакцыя на жорсткасць і самавольства першай нямецкай акупацыі. Ён успыхнуў яшчэ ў 1918 годзе, аднак і пасля выгнання кайзераўскіх войскаў доўгачаканы мір, на жаль, не наступіў. Эпіцэнтр актыўных дзеянняў народных мсціўцаў, не склаўшых зброю, перамясціўся на заходнебеларускія тэрыторыі, якія былі ўключаны ў склад зноў утворанай польскай дзяржавы.

Беларускія гісторыкі Уладзімір Ладысеў і Іосіф Хаўратовіч пісалі: «Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў Заходняй Беларусі ўзброеная партызанская барацьба актывізавалася і набыла шырокі размах… Масавай базай партызанскага руху з’яўляліся сяляне, рамеснікі, вясковая інтэлігенцыя, частка моладзі, якая не хацела служыць у польскай арміі».

Паводле няпоўных даных, з 1921-га па 1925 год у Заходняй Беларусі партызаны правялі больш за 800 адкрытых баёў, здзейснілі сотні дыверсій і іншых адчувальных для новай адміністрацыі акцый. Гэта, у прыватнасці, розныя віды нападаў на ваенна-паліцэйскія падраздзяленні, гарнізоны і аб’екты, валасныя ўпраўленні, пашкоджанні сродкаў сувязі і інш.

Як вывад – да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Брэсцкая вобласць ужо мела даволі салідны багаж навыкаў паспяховай барацьбы ў тыле ворага. Прывядзём толькі некалькі прыкладаў: у снежні 1919 года на Століншчыне з’явіўся адзін з першых партызанскіх атрадаў у складзе каля трохсот чалавек, у час адступлення польскай арміі ў 1920 годзе ў раёне Давыд-Гарадка дзейнічаў партызанскі атрад, што налічваў каля сямісот байцоў, якія нападалі на варожыя воінскія часці і наносілі ім адчувальны ўрон. Узорам арганізаванасці і ўзгодненасці сумесных намаганняў народных мсціўцаў стаў разгром чыгуначнай станцыі Ляхавічы Баранавіцкага павета 24 снежня 1924 года.

Такім чынам, разгорнутае народнае супраціўленне на Брэстчыне ў першыя ж дні Вялікай Айчыннай вайны адбывалася не раптам і не на пустым месцы, а з’яўлялася з’явай заканамернай. Для гэтага былі і адпаведныя кадры з неабходным вопытам. «У 1920 годзе партызанскія атрады, якія дзейнічалі ў раёнах Маладзечна, Вілейкі, Пінска, даходзілі да Бярозы. Іх узначальвалі важакі – камуністы Кірыл Пракоф’евіч Арлоўскі, Васіль Захаравіч Корж, беларусы, Станіслаў Аляксеевіч Ваўпшасаў, літовец», – канстатаваў у адной са сваіх кніг Васіль Ласковіч, удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, гісторык і публіцыст.

У аўтабіяграфіі Арлоўскага, дарэчы, паведамляецца, што з 1925 па 1930 год ён вучыўся ў Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захада, які рыхтаваў палітработнікаў. А пасля працаваў пры асобым аддзеле НКУС БССР па падборы і падрыхтоўцы чырвонапартызанскіх кадраў на выпадак вайны.

Увесь 1937 год Арлоўскі пад псеўданімам Стрык быў у нелегальнай камандзіроўцы ў Іспаніі, ваяваў у якасці камандзіра дыверсантаў. Вось толькі частка аднаго з яго рапартаў:

«Вельмі сакрэтна. Экзэмпляр адзіны. Дакладваю, што 30 мая 1937 года я з групай у 10 чалавек іспанцаў і адным рускім (Сцяпан Грушко) перайшоў лінію фронту і накіраваўся ў глыбокі тыл фашыстаў для дыверсійнай работы.

З 30 мая па 20 ліпеня 1937 года з вышэйзгаданай групай я прайшоў у тыле 750 км і толькі адзін раз, 15 ліпеня, група была выяўлена праціўнікам.

Уначы з 2 на 3 чэрвеня 1937 года ўзарваны таварны цягнік праціўніка каля гары Капітана на чыгуначнай лініі Севілья – Касалья-дэ-ла-Сьера, недалёка ад станцыі Эль-Педроса.

…10 ліпеня на дарозе, якая ідзе з Севільі ў Бадахас… мы, 7 чалавек, знішчылі 17 фашыстаў, 2 чалавекі паранілі і знішчылі 2 грузавікі і адзін легкавік. Пасля чаго самі адступілі ў горы».

Арлоўскага называлі чалавекам выключнай храбрасці, а яго група выконвала надзвычай складаныя аперацыі. Там жа, у Іспаніі, ён некалькі дзён жыў у мадрыдскай гасцініцы, дзе пазнаёміўся з Эрнэстам Хемінгуэем. І, як лічаць даследчыкі, менавіта Кірыл Пракоф’евіч стаў прататыпам галоўнага героя знакамітага рамана пісьменніка «По ком звонит колокол».

Вялікая Айчынная вайна застала разведчыка ў кітайскай правінцыі Сіньцзян, дзе ён праводзіў сакрэтнае расследаванне па заданні НКУС. Хацеў, каб яго накіравалі ў Беларусь для барацьбы з фашыстамі. Неаднаразова паўтараў: «Я партызан-баявік, а не аператыўнік». І ў маі 1942 года яго, нарэшце, адазвалі са спецкамандзіроўкі і накіравалі ў тыл ворага.

Партызанскі атрад «Сокалы», што дзейнічаў пад кіраўніцтвам Арлоўскага на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці, паспяхова правёў шэраг аперацый па знішчэнні прамысловых аб’ектаў і воінскіх эшалонаў ворага. Ён знаходзіў гарачую падтрымку насельніцтва, таму пастаянна папаўняўся і ў 1943 годзе налічваў больш за 350 чалавек. Асабліва вызначыліся байцы 17–18 лютага, калі некалькі партызанаў здзейснілі напад на ваенны канвой, які суправаджаў высокапастаўленых нацыстаў. У выніку налёту былі забіты: генеральны камісар Баранавіч Фрыдрых Фрэнч, гебітскамісар Баранавіцкай вобласці Фрыдрых Шцюр, обергрупэнфюрар войскаў СС Фердынанд Засорнас, яшчэ некалькі афіцэраў і звыш 30 салдат.

У час гэтай аперацыі камандзір партызанскага атрада атрымаў цяжкае раненне – у руках разарвалася звязка толу. Давялося прама ў лесе ампутаваць правую руку. А левая засталася без чатырох пальцаў. Да таго ж узрывам пашкодзіла яшчэ і слыхавы нерв. Да баявой службы Арлоўскі быў ужо непрыдатны, і ў жніўні 1943-га яго адклікалі ў Маскву. У хуткім часе атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Але спакойнае жыццё ў сталіцы яго не задавальняла. У чэрвені 1944 года заслужаны ветэран звярнуўся з пісьмом да Сталіна накіраваць яго на фронт, цяпер ужо працоўны. І просьба былога дыверсанта была задаволена. Ён накіраваўся на сваю малую радзіму – у вёску Мышкавічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Калгас «Рассвет», які ўзначаліў, першым у пасляваенным СССР атрымаў чысты прыбытак у мільён рублёў. А калі Кірыл Пракоф’евіч прыбыў сюды, людзі яшчэ жылі ў зямлянках. «Каля абгарэлых хат сабраліся дзеці, старыя, некалькі інвалідаў… На гарызонце відаць кудлатыя хвасты дыму – яшчэ не патушаны пажары ў вызваленым Бабруйску. Беларуская зямля ляжыць у руінах і ў попеле, нічога не ацалела ў Мышкавічах ад ранейшай калгаснай гаспадаркі… Самае моцнае, што засталося ў памяці, – ужо тады ў калгаснікаў ярка праявілася пачуццё калектывізацыі, пачуццё адзінай сям’і. Разам з гэтым пачуццём нарадзілася вера , што хутка ўсё зноў наладзіцца», – узгадваў пачатак сваёй дзейнасці Кірыл Арлоўскі.

У 1958 годзе ён стаў Героем Сацыялістычнай Працы. Пяць ордэнаў Леніна і ордэн Чырвонага Сцяга – далёка не ўсе ўзнагароды.

Асоба былога разведчыка-дыверсанта натхніла не толькі Хемінгуэя, але і рэжысёра Аляксея Салтыкова. Арлоўскі з’яўляецца прататыпам Ягора Трубнікава, галоўнага героя фільма «Старшыня», якога сыграў таленавіты акцёр Міхаіл Ульянаў. Стужка пра франтавіка-інваліда, які пасля ваеннай разрухі аднаўляў калгаснае жыццё ў савецкай вёсцы, уразіла многіх. Фільм атрымаў Ленінскую прэмію.

Менавіта ў атрадзе Кірыла Арлоўскага падчас партызанскай барацьбы ў Заходняй Беларусі атрымаў свой першы баявы вопыт Васіль Корж, ураджэнец Салігорскага раёна. А з пачаткам Вялікай Айчыннай ён ініцыіраваў, стварыў і ўзначаліў першы партызанскі атрад, у склад якога ўвайшлі каля 60 чалавек. Прычым да вечара 22 чэрвеня 1941 года. Пакуль яшчэ хтосьці вагаўся, Васіль Корж, на той момант начальнік фінансавага аддзела Пінскага абкама партыі, ніколькі не сумняваўся: падзеі ў Брэсцкай крэпасці – не правакацыя, а вайна. І ўжо 28 чэрвеня яго партызанскі атрад учыніў засаду лёгкім нямецкім танкам, якія рухаліся ў напрамку Пінск – Лагішын. Адзін з іх быў падбіты гранатамі, з яго знялі ўзбраенне, узялі ў палон экіпаж. А другі пасля прыцэльнага агню па назіральных шчылінах павярнуў назад. На допыце обер-лейтэнант не мог паверыць, што яго машыну падбілі грамадзянскія людзі.

Гэты бой лічыцца першым у гісторыі партызанскага руху СССР падчас Вялікай Айчыннай вайны. Да вызвалення Мінска заставалася тры гады і сем дзён. Да поўнай Перамогі – крыху менш за чатыры гады. Наперадзе было 26 гадоў плённай дзейнасці Васіля Каржа – героя, партызана, старшыні калгаса ў роднай вёсцы Хорастава. Але пра гэта – асобны аповед.

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту. Працяг будзе.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *