ВЫПРАБАВАННЕ СНЕГАМ

Грамадства

Падсыпаўшы чарговую порцыю снегу, зіма працягвае выпрабоўваць на трываласць не толькі камунальнікаў і дарожнікаў, але і тэхніку, нашы пабудовы. Пад цяжарам белага покрыва, як паведамілі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, абваліўся  дах аднаго з дамоў у Галубоўцы. Пацярпелых, на шчасце, няма. Часткова пашкоджана сцяна. Але гаспадары-пенсіянеры, па словах начальніка аддзела аказання  страхавых  паслуг па Брагінскім раёне Святланы Данчанкі,  могуць разлічваць толькі на  50-працэнтную кампенсацыю страт – большага не гарантуе абавязковы дагавор. У выйгрышы ў падобных сітуацыях, як вядома, застаюцца жыхары,  якія застрахавалі сваё домаўладанне на дабравольнай аснове.


Нагадаю, што ў сувязі  са  складанымі ўмовамі  надвор’я, звязанымі з выпадзеннем вялікай колькасці снегу, раённым выканаўчым камітэтам прынята распараджэнне, згодна з якім кіраўнікам структурных падраздзяленняў, пасялковага і сельскіх Саветаў, прадпрыемстваў і арганізацый Брагіншыны патрэбна кантраляваць стан снежнага покрыва на дахах будынкаў. Пры неабходнасці – забяспечваць іх своечасовую ачыстку. Аб уласнай бяспецы павінны таксама паклапаціцца ўладальнікі дамоў, калі гэта не адзінокія пенсіянеры – на дапамогу варта прыйсці дзецям.


Вышыня сумётаў, па даных  Брагінскай метэастанцыі на шостага лютага, дасягнула ўжо 54 сантыметраў.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *